З любоўю да блізкага і Радзімы

14.05.2020

Беларусь рыхтуецца да аднаго з галоўных свят — Дня Перамогі. 9 Мая — гэта яшчэ і Дзень радасці, Дзень успамінаў, Дзень смутку, Дзень нашай памяці. Памяці пра тых, хто падымаўся з акопаў у штыкавую атаку, хто ваяваў у партызанскіх атрадах, змагаўся ў падполлі, хто выжыў у канцэнтрацыйных лагерах, хто ляжыць у безыменных магілах, каму пашчасціла сустрэць пераможны май 45-га. Ім, салдатам Вялікай Айчыннай, прысвечаны ўнікальны Музей памяці, створаны ў сталічным храме-помніку ў гонар Усіх Святых. У нашых чытачоў ёсць выдатная магчымасць азнаёміцца з экспазіцыяй напярэдадні яе афіцыйнага адкрыцця.

Унікальная экспазіцыя

Музей памяці ўнікальны як сваёй тэматыкай, так і афармленнем экспазіцыі. З аднаго боку, гэта музей баявой славы, бо ў ім расказваецца пра баявы шлях і подз­віг нашых суайчыннікаў у розныя гістарычныя перыяды, у першую чаргу падчас Вялікай Айчыннай вайны. З іншага боку, гэта музей краязнаўчы, бо ў ім прадстаўлены прадметы побыту мінулых эпох. Акрамя таго, сучасныя падыходы і рашэнні пры афармленні экспазіцыі ставяць яго ў адзін шэраг з вядучымі рэспубліканскімі музеямі. І ўсё ж гэты музей асаблівы, адметны. Гэта музей нашай памяці пра подзвіг народа, нашай бясконцай удзячнасці прадстаўнікам пакаленняў, на долю якіх выпалі ваенныя выпрабаванні.

Ідэя стварэння адметнай экспа­зіцыі ўзнікла невыпадкова. Велічны храм-помнік, у якім размешчаны музей, узведзены ў гонар усіх святых і ў памяць пра ахвяр, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі. Адна з адметнасцей храма — гэта крыпта, дзе захоўваюцца астанкі салдат вайны 1812 года, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, якія знайшлі вечны спачын на беларускай зямлі. Акрамя таго, у крыпце знаходзяцца капсулы з зямлёй, сабранай з усіх месцаў воінскіх пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “У славу агульнай Перамогі”. Музей з’яўляецца лагічным працягам крыпты і будзе падрабязна знаёміць наведвальнікаў з вынікамі пошукавай работы, якая право­дзіцца прыходам храма сумесна з Беларускім культурным цэнтрам духоўнага адраджэння на працягу шэрага гадоў.

“Гісторыя, якая напісана ў падручніках, сухая сваімі фактамі. У крыпце і музеі гісторыю можна пражыць. Тэматычная экспазіцыя працягвае і сістэматызуе ўражанні, якія чалавек атрымлівае ў крыпце. Моладзь у ёй адчувае сябе часткай вялікага слаўнага народа, адкрывае для сябе нязведаны, сакральны, глыбока ўнутраны свет памяці, свет малітвы. А ў музеі яна ідзе ваеннымі дарогамі ўжо разам са сваім народам. Заканчваючы падарожжа ў сучаснасці, моладзь усвядоміць, што беларусы — самы міралюбівы народ, які ніколі не развязваў ваенных канфліктаў, але дорага плаціў за магчымасць жыць свабодна. Ён заўсёды выратоўваў саюзнікаў, беручы на сябе першыя, самыя падрыхтаваныя і лютыя атакі варожых войскаў. Столькі разоў многія гарады нашай зямлі былі сцёртыя з твару зямлі, але паўставалі з попелу. Беларусы неслі мільённыя ахвяры, але заўсёды адраджаліся дзякуючы сваёй працавітасці, асаблівай стойкасці. Перажыўшы падчас экскурсіі маленькае падарожжа ў часе, пазнаёміўшыся з якасцямі свайго народа, падлеткі і маладыя лю­дзі часта пераасэнсоўваюць многія рэчы, задумваюцца пра асабісты шлях, пра адказнасць перад продкамі за будучыню сваёй краіны”, — падзяліўся настаяцель Усіхсвяцкага прыхода протаіерэй Фёдар Поўны.

Дырэктар Беларускага культурнага цэнтра духоўнага адраджэння А.В.Госцеў: “У крыпце храма сабрана зямля з пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны. Па даных Міністэр ства абароны, такіх пахаванняў каля 7700. Да акцыі “У славу агульнай Перамогі” далучыўся кожны раён, у асобнай капсуле сабрана зямля з усіх 118 раёнаў Беларусі. Сёння кожны наведвальнік крыпты можа ўбачыць сваю родную зямлю, адчуць сувязь з продкамі. Будзе створаны электронны архіў музея па ўсіх пахаваннях, з інфарма цыяй па баях, прозвішчах салдат, якія пахаваны”.

Пражыць гісторыю

Музейная экспазіцыя не толькі інфарматыўная, пазнавальная. Матэрыял у ёй пададзены цікава, наглядна, з выкарыстаннем найноўшага мультымедыйнага абсталявання, што робіць яе прывабнай для сучасных навучэнцаў. І гэта таксама важны фактар — у пакалення Z павінна ўзнікнуць жаданне прыхо­дзіць, пазнаваць, думаць. А задумацца падчас экскурсіі ёсць над чым. За сухімі лічбамі — колькасцямі ахвяр той ці іншай вайны, якія прыводзяцца на музейных стэндах, — прыхоўваюцца рэальныя гісторыі людзей. Калі слухаеш ваенныя біяграфіі, лёсы салдат, разумееш, што гісторыю, як адзначыў айцец Фёдар, сапраўды, можна пражыць. Асаблівай эмацыя­нальнасці надае аповед кіраўніка музея Ганны Іванаўны Зайцавай. З цеплынёй і пяшчотай яна расказвае гісторыю жыцця свайго дзядулі Аляксея Мартынавіча Белабровіка.

“Майму дзеду пашчасціла,у адрозненне ад паўтара мільёна савецкіх байцоў, якія засталіся навечна ляжаць у зямлі многіх краін Еўропы. Дарэчы, у музеі на спецыяльнай карце кропкамі адзначаны краіны, дзе пахаваны нашы землякі. Па ўзросце дзядуля быў прызваны ў 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі. Яму пашчасціла застацца жывым. Ён удзельнічаў у Берлінскай аперацыі. У нашай сям’і ёсць такая легенда, што мой дзед (мамін бацька) пакінуў аўтограф на адной з калон Рэйхстага: “Мы перамаглі. 9 мая 1945 года”. Аляксей Мартынавіч памёр у 1967 годзе, я нарадзілася ў 1971-м. Помню дзеда толькі па адным фотаздымку, які і цяпер вісіць у мамы над рабочым сталом”, — паведаміла Ганна Іванаўна.

Экскурсію праводзіць Г.І.Зайцава.

Зрабіць арыгінальную інсталяцыю з імправізаванай калонай і аўто­графамі салдат-пераможцаў кіраўнік музея і прыдумала ў па­мяць пра свайго дзядулю. Ганна Іванаўна падабрала звесткі пра простых хлопцаў-салдат, ураджэнцаў усіх шасці абласцей, якім пашчасціла выжыць і распісацца на будынку Рэйхстага. Гэта, напрыклад, сяржант Федарыстаў з Магілёва, беларус Ванькевіч, які быў шафёрам. Ён так і напісаў: “Тут быў беларус Ванькевіч”. Надпіс “Слава пераможцам!” пакінуў паэта Паўлюк Прануза. Больш за тое, ён пакінуў адзін са сваіх вершаў, у якім ёсць радкі і пра Гомельшчыну, Пасожжа, адкуль родам настаяцель Усіхсвяцкага прыхода. На калоне ёсць і такі надпіс: “Я Іван з Беларусі”. За кожным такім Іванам прыхоўваюцца тысячы простых хлопцаў, якія ў свае 17—18 гадоў спазналі жахі вайны і якім пашчасціла выжыць. Фота­здымкі аўтараў надпісаў з’яўляюцца збіральным вобразам салдата-пераможца.

У аснову экспазіцыі легла таксама гісторыя сям’і падпалкоўніка ў адстаўцы, прыхаджаніна Усіхсвяцкага прыхода, члена Беларускага саюза афіцэраў Сяргея Васільевіча Собалева. З Сяргеем Васільевічам мы сустрэліся ў той час, калі ён перадаваў для раздзела, прысвечанага падзеям вайны 1812 года, ядро палкавой гарматы, кулі, гузікі ад мундзіра і бляху салдацкага рэменя таго перыяду. Гэтыя прадметы былі знойдзены пошукавікамі Талачына і перада­дзены падчас прэзентацыі фільма пра знакаміты подзвіг танкавай роты Зіновія Калабанава. Прэзентацыя фільма праходзіла ў Талачыне невыпадкова: член экіпажа Калабанава наводчык Андрэй Усаў пахаваны на мясцовых могілках.

Сярод найбольш каштоўных музейных прадметаў, якія належылі тату Сяргея Васільевіча, — зборнік вершаў Сяргея Ясеніна 1926 года выдання і палявая ваенная сумка. “Гэтыя экспанаты падкрэсліваюць, што ў многіх сем’ях захаваліся дакументы, фотаздымкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, у нашай сям’і захоўваецца каля 300 пісем таты з фронту. Некалькі з іх перададзены сюды, у экспазіцыю. Вось фотаздымак, дзе ён з баявымі таварышамі каля Брандэнбургскіх варот. Вось пісьмо, дзе ён апісвае дзень, калі абыходзіў з баявымі таварышамі пераможаны Берлін. Тата быў у акружэнні пад Смаленскам, потым пад Масквой у раёне Валакаламска. 300 яго пісем — гэта цэлая аповесць пра жыццё салдата на вайне”, — паведаміў Сяргей Васільевіч.

Беларускі саюз афіцэраў перадаў вінтоўку ў раздзел экспазіцыі, прысвечаны снайперу Феадосію Смалячкову, ураджэнцу Быхаўскага раёна. Вінтоўка — аналаг той, з якой ваяваў Смалячкоў. Членамі грамадскага аб’яднання перада­дзены таксама элементы рухавіка самалёта легендарнага лётчыка Аляксандра Мамкіна. На сваім самалёце ён вывез дзяцей з полацкага дзіцячага дома, якіх акупанты планавалі зрабіць донарамі для нямецкіх салдат. Самалёт падбілі, але лётчык змог дацягнуць на палаючай машыне за лінію фронту і такім чынам уратаваў дзяцей і параненых партызан, якія былі на борце самалёта. Беларускім саюзам афіцэраў пры садзейнічанні Міністэрства абароны перададзены ў музей і 20 пахаванак. Адна з іх, дарэчы, з роднага для Сяргея Васільевіча Полацка.

Настаяцель Усіхсвяцкага прыхода протаіерэй Фёдар Поўны: “Музейная экспазіцыя стваралася перш за ўсё для дзяцей і моладзі. Маладыя прыходзяць у жыццё і многага не ведаюць, ім здаецца, што людзі добра жылі заўсёды. Часта яны мараць пра тое, што на самай справе аказваецца ілюзіяй. Тут яны ўсведамляюць сапраўдныя каштоўнасці: чалавечае жыццё, дом, сям’я, мір. Але ім ніхто гэтыя каштоўнасці не навязвае, ніхто не чытае маралей. Яны бачаць, успрымаюць, адчуваюць”.

Народны праект

У залах музея можна азнаёміцца з прадметамі ваеннай археалогіі, прадастаўленымі 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны, Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, Магілёўскім абласным гісторыка-патрыятычным пошукавым клубам ВІККРУ, ка­лекцыя­нерамі і прыватнымі асобамі. На экспазіцыйных стэндах прадстаўлены матэ­рыялы з фондаў Нацыянальнага архіва, Нацыянальнага гістарычнага музея, абласных і раённых музеяў, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, царкоўныя рэчы і старадрукі з калекцыі Усіхсвяцкага прыхода, прыватных архіваў.

С.В.Собалеў.

Экспазіцыя паказвае хроніку асноўных войнаў і канфліктаў, у якіх удзельнічалі беларусы з ХІ па ХХ стагоддзе. Музейнымі сродкамі ўвага наведвальнікаў акцэнтуецца на той рабоце, якая праводзіцца ў сучасным беларускім грамадстве па ўзнаўленні памяці ахвяр войнаў. Экспазіцыйны комплекс складаецца з чатырох зал у прылеглых да храмавай крыпты памяшканнях. Мастацкай дамінантай першай залы з’яўляюцца чатыры дыярамы-мініяцюры, выкананыя ў аўтарскай тэхніцы, у якіх адлюстраваны ключавыя моманты важных для ваеннай гісторыі Беларусі бітваў: Грунвальдскай 1410 года, вайны 1812 года (бой каля млына 26-га пяхотнага палка князя І.Паскевіча ў Салтанаўцы Магілёўскай вобласці), Першай сусветнай вайны (вулічныя баі ў Смаргоні і першая газавая атака на рускім фронце летам 1915 года), Вялікай Айчыннай вайны (апошні бой за вызваленне Мінска ў ліпені 1944 года). Мастацкія дыярамы-мініяцюры з прапрацоўкай чалавечых фігур выкананы мастаком Леанідам Эдуардавічам Бартлавым па матывах вядомых гістарычных батальных сюжэтаў.

“На выбар сюжэта дыярамы па тэме Вялікай Айчыннай вайны паўплываў факт перадачы ў дар храму-помніку некалькіх фрагментаў абломкаў корпуса самалёта-штурмавіка серыі ІЛ, знойдзеных байцамі 52-га батальёна. У мастацкім сюжэце дыярамы-мініяцюры ўзноўлены адзін з яркіх эпізодаў вызвалення Мінска, калі лётчык-знішчальнік, камандзір эскадрыллі Барыс Акрэсцін накіраваў свой палаючы самалёт на буйную групоўку сіл ворага. Сярод знішчанай фашысцкай тэхнікі было знойдзена цела Героя Савецкага Саюза, якое перавезлі ў Мінск і з ваеннымі ўшанаваннямі пры вялікай колькасці народу пахавалі на Вайсковых могілках. На заднім плане адноўлены абрысы цэнтральных вуліц беларускай сталіцы ў ліпені 1944 года. Разглядаючы дыяраму “Мінск, 3 лiпеня 1944 года”, наведвальнікі пачуюць фрагменты аповеду непасрэдных удзельнікаў баёў за Мінск — пісьменніка Івана Мележа (“Мінскі напрамак”) і Аляксандра Твардоўскага (верш “Мінская шаша”), — паведаміла Ганна Іванаўна.

Кожны з 12 стэндаў утрымлівае інфармацыйны мультымедыйны модуль для прайгравання арыгінальнай кінахронікі і іншых матэрыялаў. На два маніторы, убудаваныя ў корпус дыярам у цэнтральнай частцы залы, падаецца фонавая інфармацыя, якая змя­шчае спісы палкоў з беларускімі назвамі, якія прымалі ўдзел у бітвах на тэрыторыі Беларусі за перыяд XVIII — пачатаку XX ст. У вітрынах прадстаўлены чатыры манекены з вобразамі беларускіх ваяроў у поўнай амуніцыі, адпаведнай пэўнаму гістарычнаму перыяду: рыцар Заслаўска-Мінскай харугвы ВКЛ у латах коннага воіна; гусар 7-га Беларускага гусарскага палка перыяду 1812 года; салдат-пехацінец 54-га Мінскага пяхотнага палка перыяду 1916 года; гвардыі старшына аднаго са стралковых карпусоў 11-й Гвардзейскай арміі 3-га Беларускага фронту, якія прымалі ўдзел у вызваленні беларускай сталіцы.

Другая зала расказвае пра беларускіх святароў, удзельнікаў баёў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Трэцяя зала — “Наша памяць пра кожнага загінулага святая!” — прысвечана месцам знаходжання некропаляў з пахаваннямі загінуўшых падчас вайны савецкіх салдат у Беларусі і гарадах Еўропы. Асобная тэма — ахвяры канцэнтрацыйных лагераў Еўропы і Беларусі, у прыватнасці Трасцянца. Асноўнай мастацкай дамінантай залы з’яўляецца інсталяцыя “Сцяна Памяці”, якая мае тры сэнсавыя зоны. У “Бацькоўскім доме” размешчаны манекен жанчыны — правобраз усіх беларускіх жанчын, якія страцілі мужоў і сыноў на франтах войнаў. У гэтай частцы інсталяцыі прадстаўлены арыгінальныя сведчанні пра гібель ваеннаслужачых, прызваных з тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны. У мультымедыйнай лакацыі прадстаўлена відэахроніка вызвалення краін Еўропы савецкімі войскамі 1945 года. “Мы перамаг­лі!” —  так называецца тэматычная інсталяцыя ў выглядзе фрагмента калоны Рэйхстага з надпісамі салдат — ураджэнцаў Беларусі і іх фотаздымкамі перыяду 1945 года. У франтальнай частцы інсталяцыі “Сцяна Памяці” прадстаўлены прадметы з калекцый воінаў — ураджэнцаў Беларусі і ўраджэнцаў іншых краін, зямля з чыіх магіл знаходзіцца ў крыпце храма-помніка: снайпера Феа­досія Смалячкова, артылерыста Мікалая Сірацініна, танкіста Зіновія Калабанава. Аснову экспазіцыі складае мультымедыйны комплекс з электроннай базай даных пра загінуўшых у гады розных войнаў беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі.

У спецыяльным мультымедыйным комплексе можна азнаёміцца са спісамі загінуўшых пры выкананні службовага абавязку ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь (навечна залічаныя ў спісы асабовага складу частак), супрацоўнікаў ДАІ, МУС, МНС і іншых ваенізаваных фарміраванняў. У вітрынах прадстаўлены асабістыя рэчы ўдзельнікаў вайны ў Афганістане і ўдзельнікаў ліквідацыі аварыі на ЧАЭС. Завяршаецца экспазіцыя чацвёртай залай, прысвечанай гісторыі і сённяшняму дню храма-помніка.

Загадчык аддзела Усіхсвяцкага прыхода А.Ю.Шымбалёва: “Унікальнасць нашай краіны ў тым, што кожны чалавек шчыра працуе і шчыра любіць Радзіму, і калі ён здзяйсняе гераічны ўчынак, то робіць гэта зыходзячы са сваіх унутраных поглядаў. Любоў да Радзімы — гэта ўласцівасць духоўнай прыроды чалавека. Каб навучыць чалавека любіць, трэба ведаць законы, па якіх любоў развіваецца. Любові немагчыма навучыць тэарэтычна. Можна толькі праз эмпатыю, прыклад. А замацоўваецца любоў толькі праз асабісты вопыт, асабістую ахвяру часам, намаганнямі. Унікальнасць храмавага комплексу ў тым, што ён вучыць чалавека любіць, выкарыстоўваючы законы духоўнага жыцця”.

“Як музейшчык я шчаслівая тым, што прымаю ўдзел у такім праекце, які, сапраўды, стаў народным. Я разумею клопаты музейшчыкаў, наколькі цяжка сабраць матэрыялы для паўнавартаснага музея, знайсці рэгіянальную экспанатуру. У нас такіх цяжкасцей не было. Напрыклад, у першы ж год камплектавання экспазіцыі нам пашчасціла атры­маць ад калекцыянераў гімнасцёрку 1945 года. Мы прынцыпова не збіралі ў экспазіцыі афіцэрскія кіцелі. Пра знакамітых палкаводцаў мы ўсе добра ведаем. А вось пра простага салдата вядома менш. Зразумела, кожнага салдата не пакажаш вось так пайменна, усё гэта сімвалы. У Музеі памяці мы вырашылі сканцэнтравацца менавіта на радавых байцах, якіх называлі “мяса вайны”, “гарматнае мяса”. Людзі нясуць прадметы з удзяч­насцю, яны шчаслівыя, што сямейныя рэліквіі будуць захоўвацца ў храме. Мы складзём спіс людзей, якія перадалі нам сямейныя рэліквіі, і штогод 9 мая на службе будзе іх пайменнае ўзгадванне. Гэтыя людзі шчаслівыя ў душы, як шчаслівы кожны веруючы, што прыйшоў у храм”, — падзялілася кіраўнік музея.

Бясконцая памяць

Ганна Іванаўна, як і шматлікія прыхаджане сталічнага храма-помніка, шчаслівая тым, што прымае ўдзел у праекце па стварэнні і папаўненні фондаў Музея памяці. Журналістам “Настаўніцкай газеты” (як і нашым чытачам) таксама пашчасціла. Мы аднымі з першых азнаёміліся з унікальнай экспазіцыяй, прысвечанай нашай бясконцай памяці пра подзвігі салдат, якія набліжалі пераможны май далёкага 45-га. Далёкага і заўсёды блізкага.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Усіхсвяцкага прыхода